Сістэма інтэрнэт-сувязі Starlink важная для Украіны. Ёй карыстаюцца, у прыватнасці, ваенныя для вядзення баявых дзеянняў, а для грамадзянскіх асоб гэта крыніца сувязі з астатнім светам. Тэрміналы SpaceX, якія належаць Ілану Маску, таксама знаходзяцца на ўзбраенні арміі Польшчы. Апошнія спрэчкі, звязаныя з амерыканскім мільярдэрам, выклікаюць пытанні аб бяспецы і стабільнасці сувязі, якая грунтуецца на Starlink. Якія ёсць альтэрнатывы – задаўся пытаннем партал Defence24.
Тэрміналы Starlink пачалі масава паступаць ва Украіну адразу пасля расійскага ўварвання як доказ падтрымкі. Варта памятаць, што сам Кіеў звярнуўся да Ілана Маска (уладальніка SpaceX) з просьбай аб пастаўцы гэтых прылад для аднаўлення сувязі. Праз некалькі гадзін мільярдэр паведаміў, што сэрвіс Starlink стаў даступны ў краіне.
Тэрміналы паступалі, у тым ліку, з Польшчы, якая з самага пачатку актыўна дапамагала Украіне. Віцэ-прэм’ер і міністр лічбавізацыі Польшчы Кшыштаф Гаўкоўскі паведаміў у эфіры радыё ZET, што краіна набыла каля 30 тыс. Starlink, а пазней яшчэ 5 тыс.
Роля Starlink у функцыянаванні Украіны
Прадукт SpaceX адыгрывае важную ролю. Дзякуючы сувязі, якая забяспечваецца Starlink, украінскія дзяржаўныя ўстановы, прыватныя арганізацыі і звычайныя грамадзяне могуць мець кантакт са светам, нават у зонах баявых дзеянняў. Starlink дазваляе працаваць школам, падтрымліваць функцыянаванне дзяржаўных устаноў і праводзіць ваенныя аперацыі на фронце.
Падобнае абсталяванне ёсць у Расіі?
Паводле паведамленняў украінскай выведкі (ГУР), доступ да тэхналогій SpaceX маглі атрымаць і расіяне. Украінцы сцвярджаюць, што Масква супрацоўнічала з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. У адказ кампанія Маска заявіла, што ніколі не працавала з расійскім урадам або арміяй і не прадавала Starlink у Расію.
Еўропа шукае альтэрнатывы
З-за нядаўніх спрэчак вакол Ілана Маска, Еўрапейская камісія шукае іншыя рашэнні для забеспячэння спадарожнікавай сувязі ва Украіне. Паводле СМІ, ідуць перамовы з кампаніямі Eutelsat і OneWeb, якія маюць 35 геастацыянарных спадарожнікаў і больш за 630 – на нізкай калязямной арбіце.
Параўноўваючы тэхналогіі, Starlink мае больш за 7000 спадарожнікаў на нізкай калязямной арбіце (прыкладна 550 км над Зямлёй). Кожны з іх аблятае планету за 90 хвілін, што забяспечвае хуткі перанос дадзеных. Аднак еўрапейскія спадарожнікі размешчаныя на вышыні каля 1200 км, што дазваляе пакрываць большую плошчу, але з горшай якасцю і прапускной здольнасцю ў параўнанні са Starlink.
Ці ёсць рэальная замена?
Генеральны дырэктар Eutelsat Ева Бернэке паведаміла, што ва Украіне налічваецца каля 40 000 тэрміналаў Starlink. Кампанія Eutelsat сцвярджае, што можа дасягнуць такой жа колькасці на працягу некалькіх месяцаў. На сёння ва Украіне працуе каля 2000 тэрміналаў Eutelsat.
У дыскусіі ўдзельнічаюць і іншыя еўрапейскія кампаніі – SES (Люксембург), Hispasat (Іспанія) і Inmarsat (Вялікабрытанія).
Starlink у Польшчы
Узброеныя сілы Польшчы таксама правяралі Starlink у 2023 годзе ў кантэксце бяспекі і эфектыўнасці. Але, як падкрэсліваюць прадстаўнікі войска, гэта не асноўны сродак сувязі для польскай арміі. Starlink выкарыстоўваецца рэдка – у асноўным для выпрабаванняў або крызісных сітуацый. Польская армія выкарыстоўвае іншыя правадныя і бесправадныя рашэнні.
Акрамя таго, польскія вайскоўцы могуць забяспечваць сувязь у экстрэмальных умовах, як паказала мінулагодняя паводка, калі яны выкарыстоўвалі радыёстанцыі для каардынацыі ратавальных аперацый.
У выпадку адключэння Starlink Украіна сутыкнецца з сур’ёзнымі праблемамі. Напрыканцы 2022 года ва ўкраінскіх войскаў узніклі цяжкасці з сувяззю праз збой у працы Starlink, што негатыўна адбілася на ваенных аперацыях.
Нягледзячы на актыўны пошук еўрапейскіх альтэрнатыў, Starlink застаецца важным элементам украінскай інфраструктуры. Замяніць яго можа быць вельмі складана, а нават немагчыма ў бліжэйшы час.
Аўтары: Шымон Пальчэўскі (CyberDefence24), Войцех Качаноўскі (Space24)
Крыніца: Defence24
нг